Гістарычны нарыс
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай паводле ўказа Кацярыны ІІ ад 14 (25).12. 1795 г. была створана Слонімская губерня, у склад якой увайшоў Гродна, як цэнтр павета. У ім размеркаваліся павятовыя ўлады (адміністрацыйная і судовая) і гараднічы. Указам ад 14(25).11. 1796 г. было арганізавана Слонімскае наместніцтва. Гродна застаўся павятовым горадам. Павел І указам ад 6(17).02. 1797 г. аб’яднаў Слонімскую і Віленскую губерні і ўказам ад 12 (23).07. 1797 г. стварыў з іх Літоўскую губерню, у складзе якой быў Гродзенскі павет. Паводле ўказа Аляксандра І ад 9(21).09. 1801 г. Літоўская губерня была падзелена на Віленскую і Літоўска-Гродзенскую (так яна называлася да 1840 г.).
Гродна, а не Слонім стаў губернскім цэнтрам па эканамічным меркаванням, а таксама таму, што ён «издревле город довольно знатный», тут жылі вялікія князі літоўскія і польскія каралі, замежныя паслы, знаходзіўся Галоўны літоўскі трыбунал. Горад быў забудаваны добрымі і прыдатнымі дамамі і будынкамі, дзе можна было размеркаваць губернскія ўлады. Гродзенскую губерню склалі Брэсцкі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі паветы. Паводле ўказа ад 18(30).12. 1842 г. у склад губерні з 1843 г. уключаліся Беластоцкі, Бельскі (злучаны з Драгічінскім) і Сакольскі паветы са скасаванай Беластоцкай вобласці, а Лідскі перададзены ў Віленскую губ., Навагрудскі — у Мінскую. Цікава, што на гэты раз зноў узнікла пытанне на званне губернскага горада. Гродна перамагло Беласток па прычынах гістарычнага старшынства, па статыстычным перавагам (большасць насельніцтва, выгаднае становішча на адной з галоўных рэк края, развіццё прамысловасці і гандлю), па наяўнасці таго, што яшчэ трэба было ўладкаваць у Беластоку адміністрацыёныя будынкі, сродкі камунікацыі. Такое адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне губерні захоўвалася да 1921 года.
Фактычна Літоўска-Гродзенская губерня пачала існаваць з 1(13) студзеня 1802 г., калі а 12 гадзіне папалуначы адбылося першае пасяджанне губернскага праўлення. У Каложы адбылася літургія, затым — імша аб здароўі Гасудара Імператара і ўсёй царскай сям’і. Пасля гэтага прызначаныя літоўскім генерал-губернатарам Л. Л. Бенігсэнам чыноўнікі сабраліся ў былым палацы А. Тызенгаўза, дзе размеркаваліся губернскія ўстановы (цяпер на гэтым месцы помнік савецкім воінам). Чыноўнікі прынеслі прысягу. Былі прачытаны вытрымкі з высачайшага «Учреждения о губерниях», пасля чаго віцэ-губернатар стацкі дарадца Пётр Іванавіч Берг, дарадца праўлення Пётр Панкратавіч Прэжэнц і калежскі сакратар Нікіфар Загаранскі занялі свае месцы і загадалі «запісаць адкрыццё Літоўска-Гродзенскай губерні ў журнал і данесці пра гэтае ў Кіруючы Сенат». Што і было зроблена. Пратакол першага пасяджання захоўваецца цяпер у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь у г. Гродна. У гэты ж дзень адбылося першае паседжанне Гродзенскай казённай палаты.
19 (31) мая 1802 г. указам, дадзеным Кіруючаму Сенату, быў пастаноўлены парадак дваранскіх выбараў у «губернях, ад Польшчы далучаных» на агульных асновах, прадпісаных па «Учреждению о губерниях». 3 (15) сакавіка 1805 г. выйшаў указ «Аб парадку выбараў у губернях, ад Польшчы далучаных». Адпаведна яму было абмежавана кола выбарчых толькі тымі дваранамі, якія мелі 18 ці болей гадоў і валодалі ў губерні нерухомым маёнткам, прыносячым не меней 150 рублёў прыбытку. Быць выбранымі на пасаду маглі толькі дваране не маладзейшыя за 23 гады і маючыя права голасу ў дваранскім сходзе. Павятовыя і губернскі маршалы выбіраліся таксама, як і прадвадзіцелі дваранства рускіх губерняў на падставе Даравальнай граматы дваранству ад 1785 г.
11 (23) ліпеня 1802 г. высачайшым указам Сенату быў зацверджаны герб Літоўска-Гродзенскай губерні: у верхняй частцы шчыта − «ездок в латах, скачущий на белом коне в правую сторону, у которого в правой руке поднятая вверх сабля, а на левой надет серебряной щит с красным осьмиконечным крестом» у чырвоным полі, у ніжняй − выява зубра ў сярэбраным полі; пасля 1845 г. на шчыце герба застаўся толькі зубр у чырвоным полі. У 1878 г. была зменена выява зубра («золотой зубр с черными глазами и языком»), гербу нададзены расійская імператарская карона, стужкі і лісце дуба. Гэтым жа указам 1802 г. быў зацверджаны мундзір Гродзенскай губерні. У Поўным зборы законаў Расійскай імперыі ён апісваецца наступным чынам: «Кафтан тёмно-зелёного цвета, воротник и обшлага бархатные, красного цвета, подкладка белая, камзол и исподнее платье белые, пуговицы белые с изображением герба» (Т. 27, с. 190).
28 жніўня (9.09) 1802 г. былі зацверджаны штаты прысутных месцаў Гродзенскай губерні. Вышэйшай службовай асобай (начальнікам) губерні, надзеленай адміністратыўнай, судовай, ваеннай і палітычнай уладай, з’яўляўся губернатар. Ён назначаўся царом па прадстаўленню міністра ўнутраных спраў з ліку асоб, якія належалі да вышэйшых колаў дваранства. Абавязкі губернатара абумоўліваліся настаўленнямі 1728 і 1764 гг. (галава і гаспадар губерні), наказам губернатарам 1837 г. (прадстаўнік вярхоўнай улады на месцы), указам 1856 г. (права выдаваць пастановы і інструкцыі, якія раскрываюць агульныя артыкулы законаў). Губернатар як прадстаўнік вышэйшай урадавай улады павінен быў сачыць «за непарушнасцю вярхоўных праў самадзяржаўя, карысцямі дзяржавы і дакладным выконваннем законаў, статутаў, найвышэйшых загадаў, указаў Сената і загадаў начальства». Губернатар з’яўляўся старшынёю губернскага праўлення, статыстычнага камітэта, губернскіх прысутніцтваў (па сялянскіх справах, па земскіх і гарадскіх справах, па піцейных і па фабрычных справах, па вайсковай павіннасці і інш.). Быў таксама старшынёю або членам яшчэ прыкладна 20 камісій і камітэтаў, якія дзейнічалі ў губерні. Губернатар ажыццяўляў ведамасны і надведамасны нагляд за дзейнасцю падпарадкаваных яму ўстаноў і асоб: губернскага праўлення, камітэтаў і камісій, казённай палаты і яе ўстаноў, судовых палат і іх органаў, обер-паліцмайстра, гараднічага, землямераў, прыказ грамадскай апекі, сумленны суд.
Фінансавая дзейнасць губернатара тычылася збору розных подацей, нядоімак, састаўлення штогодных каштарысаў земскіх збораў, клопату аб належным становішчы ўсіх казённых будынкаў. Ваенныя функцыі вымушалі губернатара праводзіць рэкруцкія наборы, садзейнічаць ваеннаму начальству, турбавацца аб кватэрным і харчовым забеспячэнні воінскіх і рэкруцкіх каманд, якія знаходзяцца на тэрыторыі губерні. Выконваючы паліцэйскія абавязкі, губернатар падтрымліваў грамадскі парадак і спакой, забяспечваў дзяржаўную і асабістую бяспеку, сачыў, каб не было тайных таварыстваў, займаўся пошукам дзяржаўных злачынцаў і збеглых, назіраў за дзейнасцю пажарных служб, санітарнай і медыцынскай паліцыі, за асобамі, якія знаходзіліся пад наглядам паліцыі і інш. Судовая дзейнасць патрабавала ад губернатара займацца справамі грамадзянскага і крымінальнага судаводства: зацвярджэнне выбарных суддзей, рашэнняў палаты грамадзянскага суда, сумленных судоў, нагляд за следствам (мог нават адмяніць прыгавор) і прызначэннямі ваеннага суда.
Былі сярод гродзенскіх губернатараў самыя розныя асобы: казнакрад Кошалеў, масон Бутаўт-Андржэйковіч; ініцыятары даследавання Друскеніцкіх крыніц Бабяцінскі і Дапельмайер, браты рэвалюцыянераў Урсын-Нямцэвіч і Крапоткін; рэфарматары Друцкі-Любецкі і Сталыпін; віцэ-старшыня камітэта па будаўніцтву храма Хрыста Выратавальніка Ховен; ганаровы грамадзянін Гродна Скварцоў; дабрачынцы Зураў і Цеймерн, а таксама іншыя.
Паводле «Учреждения для управления губерний» агульнае кіраванне губерняй «імем Яе Вялікасці і складаючае таму як бы орган Кіруючага Сената» ажыццяўляла губернскае праўленне. У яго склад уваходзілі губернатар, некалькі дарадцаў і віцэ-губернатар. У функцыі губернскага праўлення ўваходзіла абнародваць законы, распараджэнні ўрада і губернатара, сачыць за іх выкананнем, назіраць за «благочинием». Справаводства вялося канцылярыяй праўлення, якая мела чатыры аддзяленні. Даволі значная колькасць спраў вырашалася ў камітэтах і камісіях, а таксама ў апякунскім аб турмах таварыстве, апекі дзіцячых прытулкаў, прысутнасці для «освидетельствования умалишённых». Пры праўленні быў губернскі пракурор, які паводле «Учреждения о губерниях» з’яўляўся «прадстаўніком элемента законнасці і блюсціцелем закона».
Другой асобаю ў губерні быў віцэ-губернатар. Яго абавязкам з’яўлялася быць непасрэдным памочнікам губернатара па ўсіх пытаннях. Ён наглядаў за справаводствам, дабраўладкаваннем і парадкам у губернскім праўленні і канцылярыях прысутных местаў. У час адсутнасці губернатара часова выконваў яго абавязкі. Да 1845 г. віцэ-губернатар узначальваў казённую палату,якая мела наступныя аддзяленні: гаспадарчае – займалася дзяржаўнымі сялянамі і дзяржаўнай маёмасцю (да 1838 г.); лясное – казённымі лясамі, іх эксплуатацыяй і мясцовай лясной вартай (да 1838 г.); піцейных збораў – ажыццяўляла нагляд за піцейнымі адкупамі, за выдачай пасведчанняў на вінакурэнне і за дзейнасцю казённых піцейных устаноў; казначэйскае – загадвала павятовымі казначэйствамі; рэвізійнае – ажыццяўляла ўнутраны фінансавы нагляд (рэвізію кніг і гадавых справаздач казначэйстваў). У функцыі казённых палат уваходзілі: правядзенне таргоў на падрады, размеркаванне па губерні дзяржаўных падаткаў, назіранне за гандлем і прамысловасцю, правядзенне перапісу (рэвізій) падатнага насельніцтва, пакаранне парушальнікаў устаноў казначэйства. У 1863 г. адбылася рэформа, пасля якой функцыі казённай палаты былі зведзены да вузка фінансавых пытанняў.
Яшчэ сярод губернскіх устаноў кіравання і суда былі: палаты крымінальных і грамадзянскіх спраў, сумленны суд, прыказ грамадскай апекі, урачэбная ўправа, землеўпарадкавальная і будаўнічая частка. Усе яны знаходзіліся ў Гродне.
Тут размяркоўвалася і сядзіба Дваранскага дэпутацкага схода, дзе былі канцылярыя губернскага маршала, архіў Дваранства, памяшканні для пасяджэнняў. У кампетэнцыю губернскага дваранскага сходу ўваходзілі: выбары на пасаду ў саслоўныя дваранскія органы (маршалкі, сакратар дваранскага сходу, засядацелі ў дваранскую апеку, верхні і ніжні земскі суды, сумленны і павятовы суды і інш., вядзенне дваранскіх кніг і выключэнне з дваранства (нават тых, хто не быў асуджаны судом, але яго ганебны ўчынак вядомы ўсім), распараджэнне маёмасцю дваранскага грамадства. Забаранялася абмяркоўваць пытанні аб асновах дзяржаўнага ладу.
На дваранскіх сходах выбіралі маршалка шляхты (з 1862 г. іх сталі прызначаць). Тэрмін «прадвадзіцель дваранства» пачне ўжывацца пасля загаду ад 23.02 (7.03).1831 г. Павятовы маршалак, адпаведна заканадаўству, меў загадванне ўнутранымі справамі шляхецкай карпарацыі: кіраўніцтва правядзеннем сходаў, апека над сіратамі і хворымі, выдача пасведчанняў аб дваранскім паходжанні і інш.
Плошча Літоўска-Гродзенскай губ. у 1817 г. мела 353 262 кв. вярсты, у 1891 – 33 979 кв. вёрст. На гэтай тэрыторыі жыло ў 1811 г. 300 тыс. чалавек, у 1834 г. – 751,7 тыс. чал., ў 1897 г. – 1671,8 тыс. чал. (з іх − 11,4% гараджан). У 1848 г. у губерні было 9 павятовых і 16 заштатных гарадоў, 84 мястэчкі, 351 сяло, 4741 вёска. У 1893 г. была такая ж колькасць павятовых і заштатных гарадоў, а мястэчак 62.
Прыярытэтным у краі было развіццё сельскай гаспадаркі, арэнтаванай як на ўнутраны, так і на знешні рынак, дзякуючы геапалітычнаму месцазнаходжанню губерні. Земляробства (зярно, бульба, цукровыя буракі, лён) і жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла, каняводства, авечкагадоўля, свінаводства) былі заснаваны ў дарэформенны час на прыгоннай працы селяніна, а пасля 1861 г. апошнім стала належыць 42,4% зямель. У канцы XIX ст. пасяўная плошча складала 950 тыс. дзесяцін. Менавіта памешчыкі заходніх губерняў, у тым ліку і Гродзенскай, прыйшлі да разумення неабходнасці адмены прыгонніцтва. Гродзенскаму губернатару П. А. Сталыпіну (06.1902-03.1903) прыйшла ідэя селянскай рэформы ў пачатку ХХ ст. Яе ён абмяркоўваў на пасяджанні Гродзенскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Прамысловасць пачала развівацца са з’яўленнем суконных фабрык: у 1815 г. іх было 9, у 1843 – 59. З іх: суконныя, вінакуранныя, тытунёвыя, палатняныя, цагельныя, цукровыя, металаапрацоўчыя і інш. У 1891 г. працавалі 3022 дробныя мукамольныя, тытунёвыя, гарбарныя, воўнаткацкія, дрэваапрацоўчыя і іншыя прадпрыемствы, на каторых працавала 14041 рабочых. У гэты час было 150 цагельных заводаў, 57 піваварняў. Вядомыя суконныя фабрыкі знаходзіліся ў Ружанах, Ваўкавыску, Ізабэліне, Гродне. Цукровы завод Вітгенштэйна працаваў у Карэлічах, ягоны металургічны знаходзіўся ў Налібоках. Адной з буйнейшых тытунёвых фабрык у Расійскай імперыі была Гродзенская, якая пачала працаваць з 1862 г. (заява на дазвол была пададзена ў 1861 г. пецярбургскім купцом Іосіфам Лейбавічам Шарашэўскім). Сыравіну (махорку, тытунь) прывозілі з расійскіх губерняў, Украіны, Крыму, а тытунь вышэйшых гатункаў − з Амерыкі. На базе тытунёвай фабрыкі, якая належала І. Л. Шарашэўскаму і Ф. Ш. Русота, на пасяджэнні заснавальнікаў і акцыянераў у Гродне 31.12.1906 г. (ст. стыль) было створана акцыянернае таварыства тытунёвай фабрыкі «І. Л. Шарашэўскі».
Дарэформенны гандаль у губерні развіваўся ў трох формах: кірмашах, развозна-разноснай і базарнай, стацыянарнай. Кірмашы адбываліся ў Зэльве, Свіслачы Ваўкавыску (у гэтыя мястэчкі на гандаль прыяджалі купцы з Аўстрыі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Італіі, Турцыі і інш. краін), Гродне, Лідзе, Навагрудку, Слоніме і інш. гарадах і мястэчках. У кожным павеце у 1834 г. былі базары, на якіх гандлявалі хлебам (зярном, крупамі), вытворчасцю сялянскай гаспадаркі (сена, скуры, воск, хмель, мёд, солад) “жыццёва неабходнымі прыпасамі” (харчаваннем, вопраткай, косамі, сярпамі). Шматлікія купцы займаліся скупкаю і развозам ці разносам у памешчыцкіх маёнтках, сёлах і гарадах рознай прадукцыі сялянскай або прамыславасці ці рамясла. Сетка стацыянарнага гандлю складалася ў асноўным з лавак, піцейных дамоў, тракціраў, кафеен, кандытарскіх, першых крамаў. Пасля рэформы 1861г. колькасць кірмашоў зменшылася. Асноўнай формай гандлю стала стацыянарная: крамы былі як спецыялізаваныя, так і ўніверсальныя, асабліва ў раёнах развіцця прамысловасці. Гродзенская губ. іграла значную ролю ў міжрэгіянальных гандлёвых зносінах і міжнародным гандлі Расійскай імперыі.
Па тэрыторыі губерні праходзілі пабудаваныя ў другой палове ХІХ ст. чыгункі: Пецярбургска-Варшаўская, Беластоцка-Баранавічская, Брэст-Бранская, Брэст-Граеўская, Брэст-Маскоўская. Транспартыроўцы грузаў і перасоўванню людзей садзейнічалі рэкі (Нёман з партамі ў Гродне, Мастах, Шчара, Вілія, Свіслач, Ашмянка, Котра і інш.) і каналы (Агінскі з 1804 г., Аўгустоўскі з 1838).
Адбыліся змены і ў развіцці культуры і асветы Гродзенскай губерні. Яны прыстасоўваліся да агульнарасійскіх тэндэнцый, праходзіла русіфікацыя. Эпоха Асветніцтва, у якую уступіла Беларусь у 70-80 г. ХVІІІ ст. спрыяла развіццю ўсіх галін культуры, змене рэлігійнай тэматыкі на свецкую, з’яўленню новых жанраў і новых формаў арганізацыі культурнага жыцця, новых спажыўцоў культуры. Змяняўся архітэктурны воблік гарадоў, мястэчак і маёнткаў. Тэатр з барскай забаўкі ператвараўся ў прафесійны, акрамя пастаянных тэатральных сцэнаў ігралі вандруючыя трупы (драматычныя, оперныя, балетныя). Музычныя капэлы, аркестры былі ў многіх магнатаў, а таксама пры тэатрах. Выяўленчае мастацтва ў першай палове ХІХ ст. развівалася пад уплывам Віленскай школы жывапісу (прадстаўнікі Гарадзеншчыны Ю. Карчэўскі, К. Івашкевіч, К. Бароўскі, Я. Сухадольскі і інш.), а пазней – рускіх мастацкіх школ.
З 1838 г. па 1915 г. у губернскай друкарні друкавалася газета «Гродненские губернские ведомости», з 1858 г. па 1915 г. − «Адрес-календарь и справочная книжка Гродненской губернии» («Памятная книжка Гродненской губернии», 58 выданняў), з 1879 г. па 1913 г. − «Обзор Гродненской губернии за ... год» (32 кнігі), з 1892 г. па 1896 г. − «Памятные книжки Гродненской дирекции народных училищ». У друкарні было выдадзена каля 150 назваў кніг (сярод іх Я. Ф. Арлоўскага, А. Э. Штрэтара, Л. Саланевіча, У. С. Манасеіна, Дз. Мілюціна, А. Я. Багдановіча ).
Да 1830-х гадоў адукацыя ў большасці знаходзілася ў руках манахаў каталіцкіх ордэнаў. У 1801 г. ім належалі ўсе 7 павятовых вучылішч: у Барунах, Гродне, Жыровіцах, Лідзе, Навагрудку, Слоніме, Шчучыне (усяго 669 вучняў). Пасля школьнай рэформы 1803 г. складаецца руская сістэма адукацыі. З 1805 г. пачала дзейнічаць Свіслацкая гімназія, з 1834 г. – Гродзенская мужчынская, з 1860 г. – Гродзенская жаночая Марыінская гімназія, з 1906 г. – шэраг прыватных гімназій у Гродне (М. С. Хныкіна, К. М. Баркоўскай, Т. В. Астрагорскай і Л. С. Вальдман). У 1817 г. прыходскія вучылішчы былі ў Гродзенскім (2), Слонімскім (3), Лідскім (11), Навагрудскім (7) паветах. З 1820-х гадоў распаўсюджваюцца ланкастарскія школы (узаемнага навучання). У Брэсце і Гродне працавалі кадэцкія карпусы. У 1891 г. было 1167 навучальных устаноў, у тым ліку 6 павятовых вучылішч, 38 прыходскіх, 300 народных, 556 царкоўна-прыходскіх школ, 21 прыватнае вучылішча і школа, 1 духоўнае вучылішча. У іх налічваўся 39041 навучэнец.